Старшая група (ад 5 да 6 гадоў)
Адукацыйная вобласць: РАЗВIЦЦЁ МАЎЛЕННЯ I КУЛЬТУРА МАЎЛЕНЧЫХ ЗНОСIН
ЗМЕСТ
Мэта: фармiраванне ў дзяцей лексічнага, граматычнага, фанетычнага ўзроўняў сістэмы мовы, дыялагічнага і маналагічнага маўлення як сродку зносін.
Задачы развiцця выхаванца ў дзейнасцi:
далучаць дашкольнiкаў да багацця беларускай мовы, фармiраваць каштоўнасныя адносiны да яе;
развіваць актыўнае маўленне дзяцей, садзейнічаць наладжванню іх маўленчых зносін у сумесных гульнях, іншых відах дзейнасці;
фарміраваць элементарнае ўсведамленне моўнай і маўленчай рэчаіснасці;
удасканальваць уменні слухаць і разумець маўленне людзей, якія акружаюць, удзельнічаць у дыялогу;
самастойна складаць апісальныя і апавядальныя тэксты;
развіваць слоўную творчасць.
Слоўнiк
Узбагачэнне слоўнiка на аснове паглыблення ведаў пра прадметы і з’явы навакольнага свету.
Падбор слоў, якія больш дакладна абазначаюць уласцівасці, якасці, прыметы прадметаў (крохкі, празрысты, бясколерны, звонкі), а таксама матэрыял, з якога яны зроблены (дрэва, пластмаса, шкло, метал, тканіна і да т.п.).
Авалоданне некаторымі відавымі і родавымі паняццямі, ажыцяўленне іх дыференцыяцыі (шапка вязаная і футравая; адзенне зімовае, летняе); уяўленнямі пра значэнне (сэнс) слова (шэптам – ціха казаць, на дыбачках – ціха ісці), неабходнасць ужываць у маўленні словы ў адпаведнасці з іх значэннем.
Разуменне некаторых адносін паміж словамі: антаніміі (свежы хлеб – чэрствы хлеб; свежая кашуля – брудная, скамечаная кашуля), сінаніміі (свежы хлеб – мяккі, цёплы хлеб; свежая кашуля – чыстая кашуля), мнагазначнасці (востры нож, востры язык, вострая гарчыца), актыўнае выкарыстанне іх у маўленні.
Цікавасць да значэння слова, асабліва матываванага «Чаму гэта кніга называецца падручнікам?», «Як вы думаеце, чаму гэтыя ягады называюцца чарніцамі?».
Разуменне даступных фразеалагізмаў (павесіць нос, з пустога ў парожняе і да т.п.); вобразных выразаў у загадках, тлумачэнне сэнсу прымавак, выкарыстанне іх у сваім маўленні.
Граматычны лад маўлення
Асэнсаваныя адносіны да граматычнай правільнасці маўлення, імкненне гаварыць правільна.
Імкненне выкарыстоўваць у маўленні розныя віды сказаў (простыя, складаныя, з простай мовай), ужыванне сінанімічных сінтаксічных канструкцый (У кошыку ляжыць гумавы мяч. У кошыку ляжыць мяч з гумы. Я бачу гумавы мяч у кошыку і да т.п.).
Уменне граматычна правільна змяняць розныя часціны мовы, узгадняць іх паміж сабой; утвараць формы параўнальнай ступені прыметнікаў (ціхі – цішэйшы; разумны – разумнейшы); змяняць значэнне слоў з дапамогай суфіксаў, надаючы ім іншае сэнсавае адценне (поўны – паўнаваты, вусы – вусішчы).
Ужыванне цяжкіх форм знаёмых слоў (шкарпэтак, панчох, чаравікоў; адны акуляры, двое санак і да т.п.); нязменных слоў (радыё, кіно, кенгуру і да т.п.).
Утварэнне дзеясловаў, назоўнікаў, прыметнікаў (певень крычыць кукарэку – ён кукарэкае; бег – забег, перабег; прадае – прадавец; ездзіць на лыжах – лыжнік; скрыначка з дрэва – драўляная скрыначка, лодачка з паперы – папяровая лодачка), складаных слоў з двух простых (белы лоб – белалобы); назваў дзіцянят жывёл (курыца – кураня).
Выкарыстанне розных слоў і іх форм для называння адных і тых жа аб’ектаў (заяц – зайчык, зайка, пабягайка, даўгавушка).
Гукавая культура маўлення
Удасканаленне артыкуляцыйнага і гукавога апарату, маўленчага дыхання, маўленчага і фанематычнага слыху, выразнай дыкцыі.
Выкарыстанне інтанацыйных сродкаў выразнасці.
Правільнае вымаўленне гукаў роднай мовы; дыференцыяцыя на слых і вымаўленні блізкіх у акустычных і артыкуляцыйных адносінах зычных гукаў (свісцячых, санорных, шыпячых: [с] - [з], [с] - [ш], [ш] - [ж], [л],[р] і г.д.; цвёрдых і мяккіх: [л] - [л'], [с] - [с'] і г.д; звонкіх і глухіх: [д] - [т], [б] - [п] і г.д.
Цікавасць да гучання слова (гульні з гукамі і рыфмамі, пытанні пра гучанне і значэнне слоў, тлумачэнне іх сэнсу).
Элементарнае ўсведамленне асаблівасцей свайго вымаўлення, ацэньванне свайго вымаўлення; імкненне ўдасканальваць яго.
Уяўленні пра складовую будову слова, слоўн склад сказа.
Падбор слоў з зададзеным гукам, блізкіх па гучанні слоў.
Звязнае маўленне
Развіццё форм гутарковага маўлення, узбагачэнне зместу гутарак з дзецьмі тэмамі пра факты і з’явы, успрынятыя за межамі дзіцячага сада і апасродкавана (індывідуальна і ў падгрупах).
Самастойнае звязнае і паслядоўнае пераказванне літаратурных твораў (казак, апавяданняў, выразная перадача дыялогаў дзеючых асоб.
Дыялогі дзяцей пры ажыцяўленні сумеснай дзейнасці, ініцыятўнасць зносін, уменне весці гутарку.
Складанне апісальных апавяданняў пра цацку, па прадметным малюнку, серыі сюжэтных карцін (захоўваючы кампазіцыю апавядання, паказваючы месца і час дзеяння, характарызуючы персанажаў).
Прыдумванне падзей, якія папярэднічаюць паказаным на малюнку, і наступных.
Складанне апавяданняў з асабістага вопыту, перадаючы ў маўленні добра знаёмыя падзеі і свае ўражанні.
Складанне творчых апавяданняў рэалістычнага і фантастычнага зместу.
Выкарыстанне ў маўленні разважанняў, тлумачэнняў; ацэнка тлумачэнняў сяброў.
Элементарнае ўсведамленне структуры звязнага выказвання.